“Беларускі мастак-пейзажыст Алег Драбышэўскі – былы вучань Гудагайскай васьмігадовай школы”
Праспяваю я карціну,
Нібы верш. Ціха ўпотай памалюся
Толькі перш...
Бо карцінкі,
Як іконкі,-
Не грашу!-
Асвятляюць, нібы зоркі,
Боль-душу.
Гэты ўзнёслы верш напісала Таіса Трафімава, беларускі паэт, пад уражаннем выставы мастака. Гэта эмацыянальная характарыстыка датычыцца і ўсіх твораў мастака. Кожны пейзаж, напісаны Алегам Аляксандравічам, адчуваецца рознымі людзьмі па-свойму, але несумненна, што гэта будуць толькі добрыя, толькі станоўчыя пачуцці. Прафесіяналы ахарактарызавалі яго творчасць як “прасветла-чыстае мастацтва”, а стасункі з яго карцінамі перапаўняюць душу пачуццём светлай, чыстай радасці, гонару за сваю Радзіму, усведамленнем яе непаўторнай прыгажосці. Мастак у простым знаходзіць адметнае, а прырода на яго палотнах паўстае жывою.
Нарадзіўся Алег Драбышэўскі 1 студзеня 1953 года ў вёсцы Табарышкі, якая сёння з’яўляецца адной з вуліц пасёлка Гудагай і якую мастак увекавечыў у карціне “Родны кут. Гудагай. Табарышкі”, а аўтарская копія гэтай карціны робіць гонар нашаму музею.
З першага па восьмы клас Алег вучыўся ў Гудагайскай школе і, як успамінаюць, ужо тады вылучаўся сярод вучняў мастацкімі здольнасцямі. Былая піянерважатая школы Эла Мікалаеўна Ажгірэвіч расказвала, што ён намаляваў графічны партрэт Алега Кашавога, імя якога насіла піянерская дружына. Той партрэт доўгі час вісеў у піянерскім пакоі і здзіўляў наведвальнікаў сваёй бездакорнай тоеснасцю з партрэтам, надрукаваным у нейкім выдавецтве.
Затым сям’я пераехала ў Астравец. Гэта быў ужо 1969 год. Атэстат аб сярэдняй адукацыі Алег Драбышэўскі атрымаў у Астравецкай школе. Таленавіты юнак прадаўжае шукаць сябе. У гэты час ён знаёміцца з Віктарам Александровічам, зараз вядомым ў Беларусі мастаком-графікам, які ў той час жыў у Астраўцы. Пад ўплывам Александровіча ён спрабуе сябе ў стварэнні скульптур. З копій фотаздымкаў у музеі глядзяць на нас творы, выкананыя 16-17-гадовым юнаком. Адна з іх, па словах самаго аўтара, незакончаная скульптура пад назвай “Кампазіцыя”, экспанавалася на абласной выставе, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння правадыра рускай рэвалюцыі У.І.Леніна. Але так склалася, што таленавітаму выпускніку з раённага цэнтра не хапіла балаў для паступлення на мастацкі факультэт у сталічнай установе.
Свет прыгожага Алег прадаўжаў пазнаваць на філалагічным факультэце БГУ. Адначасова ён наведваў заняткі ў студыі Тэатральна-мастацкага інстытута ў Мінску, дыплом аб заканчэнні яе ён таксама атрымаў. Пазней, у 1985 годзе, ў Мінскім педінстытуце Алег Аляксандравіч атрымаў грамадскую прафесію кіраўніка выяўленчай студыі і мастака. На базе Інстытута ўдасканалення настаўнікаў з 1988 па 1990 гг прайшоў курс навучання ў пецярбургскіх мастацтвазнаўцаў па спецыяльнасці “сусветная мастацкая культура”.
Як бачым, Алег Драбышэўскі мэтанакіравана ідзе да рэалізацыі дадзенага яму Богам таленту. Нам здаецца, што менавіта гэты факт падштурхнуў мастацтвазнаўцу Галіну Багданаву напісаць у рэцэнзіі на выстаўку Драбышэўскага вось такі радок: “Мужнасць чалавека вызначаецца па тым, наколькі ён спраўдзіў свой лёс”. На працягу ўсяго жыцця, дзе б ён ні знаходзіўся, адчуваў сябе мастаком – чалавекам, датычным да духоўнасці. Але нам здаецца, што сам лёс даваў А.Драбышэўскаму шанс духоўнага ўзбагачэння. Не ўсе ведаюць, што ў студэнцкія гады Алег жыў у адным пакоі ў інтэрнаце з Міколам Мятліцкім, зараз вядомым беларускім паэтам. Сяброўства з такім чалавекам не магло не прыбавіць зоркасці ў светаўспрыманні, у пашырэнні сувязяў з людзьмі ад мастацтва.
У нашым музеі захоўваецца аўтарскі экзэмпляр верша Міколы Мятліцкага з яго аўтографам. Цікавая гісторыя яго напісання. Да дня ўручэння паэту Дзяржаўнай прэміі мастак намаляваў карціну “Хата маленства”, на якой паўстала бацькоўская хата Мятліцкага. Па-сапраўднаму дзіўна гучыць той факт, што Драбышэўскі не бываў на Радзіме паэта, а значыць, і хату тую не бачыў. Толькі слухаў расповяды паэта ды, магчыма, фотаздымак які бачыў. А бацькоўскі дом паэта на той час застаўся за калючым дротам у чарнобыльскай зоне... Зразумела, чаму столькі радасці прынёс паэту менавіта гэты падарунак. “Хату маю мастак намаляваў жывою”,- так ацаніў у вершы паэт карціну.
З 1990 года мастак Драбышэўскі жыве і працуе ў Мінску. З вялікім поспехам і шырокім рэзанансам прайшлі персанальныя выстаўкі мастака ў родным Астраўцы, Маладзечна , Заслаўі і многіх іншых гарадах нашай краіны і нават за яе межамі. Хочацца спыніцца на гісторыі заслаўскай выставы, час правядзення якой супаў з Першым усебеларускім фестывалем камернай музыкі. Міхаіл Фінберг якраз шукаў месца для яго правядзення, калі трапіў у Заслаўе, і тут жа прыняў рашэнне, што выстава карцін Драбышэўскага будзе якраз тым фонам, які будзе гарманіраваць з узнёслымі гукамі камернай музыкі.
Народны пісьменнік Беларусі Іван Пятровіч Шамякін у свой час напісаў: “Мяне яго карціны прывялі ў захапленне. Я ўсё-такі рэаліст, і гэтыя сучасныя стылі, сучасную моду не вельмі прымаю. А такія вось рэалістычныя пейзажы Алега Драбышэўскага проста кранаюць за сэрца. Хоць яны і напісаны на Астравеччыне, але тут паўстае абагульнены вобраз Радзімы. Думаю, што ў яго яшчэ ўсё наперадзе і яшчэ будзе створаны не адзін твор, які ўзбагаціць наша мастацтва выяўленчае і нашу культуру ўвогуле”.
У выдавецтве “Тэхнапрынт” выйшаў альбом твораў А.Драбышэўскага, дзе прадстаўлены пейзажы аўтара: “Над Лошай”, “Двор маленства”, “Астравец. Кладка Зарэцкіх” і многія іншыя. Альбом знаходзіцца ў каталогах Нацыянальнай і Прэзідэнцкай бібліятэках Рэспублікі Беларусь, у шэрагу галоўных краін Еўропы і ЗША. Творчая дзейнасць мастака шырока асвятлялася як ў нашай раённай газеце, так і абласных, і рэспубліканскіх выданнях.
Галоўнымі рысамі творчасці А.Драбышэўскага з’яўляюцца непасрэднасць успрымання прыроды, лірызм і тонкасць увасаблення яе прыгажосці. Мастаку ўдаецца дасканала перадаць каляровую гаму і дэталі, што робіць яго карціны арыгінальнымі, непаўторнымі. Мастак верны рэалістычным традыцыям класічнага выяўленчага мастацтва, у рэчышчы якога і вядзе свой творчы пошук.
А той факт, што ён супрацоўнічае з нашай школай, наведвае яе нярэдка, станоўча ўплывае на фарміраванне светапогляду нашых вучняў, усяляе ў іх упэненасць у тым, што зямля гудагайская сапраўды шчодра родзіць таленавітых людзей.
Завочнае падарожжа ў карцінную галерэю
Мы ганарымся тым, што зямля гудагайская дала Беларусі яшчэ адно гучнае імя –Алег Драбышэўскі. Мастак, скульптар, чалавек, у якім спалучаецца тонкі лірык і прагматык-рэаліст. Як вядома, роднай зямлі, сваёй малой Радзіме Алег Аляксандравіч прысвяціў нямала карцін. “Родны кут. Гудагай. Табарышкі.”- першая з іх. Далей была карціна з тым жа тапонімам – “Гудагайскі туман”. Аўтарская копія гэтай карціны таксама захоўваецца ў нашым школьным музеі. А наогул Астравеччыне прысвечана непараўнальна больш карцін. Побач з Гудагаем знаходзіцца вёска Палушы. Там напісана карціна “Хата дзеда Караля”. І далёка не ўсе ведаюць, што на ёй увекавечаны бацькоўскі дом жонкі Адама Іосіфавіча Мальдзіса – Марыі Карлаўны. А зараз у тым доміку захоўваецца этнаграфічная калекцыя прафесара Мальдзіса, якую ён ахвяраваў раённаму краязнаўчаму музею.
“Радзіма” – такі абагульнены вобраз яе паўстае з гэтай карціны. Сянявокай звычайна завуць нашу Беларусь, але ніхто не стане аспрэчваць і эпітэт “зялёнакрылая”. Па колькасці лясоў Беларусь у Еўропе займае адзін з першых радкоў.
“Дождж прайшоў. Астравец.” – так назваў наступную карціну мастак, а глядач бачыць, што ён, гэты дождж, высвяціў свежыя колеры на твары досыць старажытнага Астраўца. У цэнтры - перадваенная пабудова былога млына, у якім меркавалася адкрыць раённы музей, а перад ім - бераг Лошы, які нібы працівіцца чалавеку з яго невычэрпнай прагай валодаць усім, што навокал, таму парос жорсткай травой, каб не ступала сюды нага чалавечая. Аднак і тут віецца вузкая сцежка, пратаптаная чалавекам і, відаць, зусім не з меркантыльнымі намерамі. Бо што можна ўзяць у тым месцы, дзе віруе вада, перагароджаная плацінай? І зелені, і вільгаці так многа пасля дажджу на карціне, што яны напаілі сабой усё , і нават узняліся да аблокаў, якія ў гэты момант адлюстравалі вядучы колер зямлі – зелень.
Троіцкі касцёл у Гервятах – найбольш вядомая матэрыяльная частка культуры Астравеччыны. Да 100-годдзя гэтай святыні Алег Драбышэўскі, прыстасаваўшыся на процьлегым беразе Ашмянкі, прапанаваў нам таксама паглядзець на веліч самага высокага храма ў Беларусі. А самы старажытны храм Беларусі, які да нашага часу дайшоў у нязменным выглядзе з часоў Сярэднявечча, - гэта касцёл у Будславе. Атрымаўшы дазвол і благаславенне каталіцкіх святароў, наш мастак стварыў сваю копію абраза Маці Божай Будслаўская, якая на яго карціне вынесена за сцены храма і з вышыні благаслаўляе ўсіх, хто на яе глядзіць.
Рэчка Вілія – буйнейшая на Астравеччыне, і яна не магла не прывабіць вока мастака, у карцінах якога так многа месца адведзена вадзе. Перад намі рэпрадукцыя карціны “Раніца над Віліяй”. Але тое, што месца выбрана невыпадкова, гэта сапраўды так. Як мы ўжо раней гаварылі, сучасны беларускі паэт Мікола Мятліцкі – сябар Алега Драбышэўскага. А жонка паэта Ірына родам з Перавознікаў – вёсачкі над Віліяй. Таму ў Драбышэўскага ёсць яшчэ адна карціна з Віліяй – назва яе “Перавознікі”
У канцы мінулага стагоддзя Алег Драбышэўскі часта бываў на суседняй з намі Смаргоншчыне. Вёска Солы мае багатое гістарычнае мінулае. І велічны шпіль досыць старажытнага храма ўздымаецца над наваколлем, мягка ўпісваючыся ў сучасную рэчаісначць. Прырода на другой ”сольскай” карціне яшчэ зусім сонная ў гэты ранішні час, але вецярок спрабуе яе абудзіць, паціху хістаючы дружную купіну травы на беразе ўсё той жа Ашмянкі.
А ў лесе цёпла, і там, дзе растуць бярозкі, заўсёды светла. І лясныя дарогі не зарастаюць, бо людзей так і цягне, як і мастака, ад клопатаў паўсядзённасці падыхаць водарам напоянага дрэвамі паветра. А бярозкі толькі на першы погляд аднолькавыя. Алег Аляксандравіч разгледзеў непаўторны лёс і постаць кожнай з іх, сваё месца як у лесе, так і на карціне, якую мастак назваў незвычайна –прыназоўным спалучэннем – “Праз лес”.
І вось колеравая гама пачынае насычацца ў карціне “Золата восені”, хоць яна яшчэ не зусім традыцыйна восеньская. Пачынаюць ужо чырванець на фоне цёмных хваёвых прыгажуні лістовыя. А не характэрныя для берага воднага белыя бярозкі наогул амаль бязлістыя. Але да сапраўднага восеньскага лістапада яшчэ далёка – такую выснову робіш, прыгледзеўшыся да гэтай карціны.
Карціна “Лістапад”, нам здаецца, так і л’е на гледача супакой не толькі чыстым блакітам купалоў свежаадрэстаўраванага храма. Ужо аголеныя галінкі дрэў пакорліва хіляць свае галінкі дадолу. Маладзенькі клёнік на пярэднім плане бесклапотна расправіў пышныя галінкі, высветленыя маладым золатам восені. І толькі магутны дуб упэўнена дэманструе ўсе адценні чырвонага, якімі яго шчодра надзяліла маці-прырода, а мастак Драбышэўскі трапна падглядзеў яго велічную ўпэўненасць у тым, што яшчэ далёка да восеньскай непагоды.
Зіму ў даступных нам творах Драбышэўскага мы бачым толькі на карціне “Хата дзеда Караля”. Напэўна, не вельмі яе, зіму, любіць мастак. А вось з задавальненнем сам назірае і гледача прыцягвае да сузірання за абуджэннем прыроды пасля зімовай спячкі. Белы і залаціста-чырвоны здаліся б несумяшчальнымі, занадта кантрастнымі, калі б не назва карціны - “Жывая вада”. Так, гэта Яе Вялікасць Вада падтрымлівае жыццё на зямлі. І тут, у гэтым лясным ручаі, яна прачнулася раней за ўсіх, а можа, наогул не засынала, прызваная да існавання сцюдзёнай крыніцай? Але яна, вада ручайка, не толькі адлюстравала , але і ўвабрала ў сябе прыбярэжнае жыццё. А на дапамогу ёй ужо спяшаецца сонца, якое так ярка высветліла сваімі промнямі ствалы дрэў і кусты.
З карціны “Заслаўская кладачка” зіма амаль ужо сыйшла. Толькі самы зляжалы снег яшчэ трымаецца ў высокай мінулагодняй траве, дзе ён хаваецца ад цёплых сонечных промняў.
Змест карціны “Туман над Заслаўем” таксама пераконвае, што вясна не за гарамі. Толькі кромка лёду па берагах рэчкі засталася ад усемагутных зімовых путаў. Але, як мы ведаем, туман дапаможа сцерці і апошнія сляды зімы, такой непажаданай у гэту пару года.
Мы прапанавалі вам, шаноўныя госці, знаёмства з карцінамі яшчэ з мінулага –пачатку новага стагоддзя – карціны, у стварэнні якіх выпрацоўваўся стыль майстра. Творы Алега Драбышэўскага, напамінаем, літаратуразнаўцы акрэслілі як прачыста-светлае мастацтва. Словамі Івана Шамякіна закончым наша завочнае падарожжа ў віртуальную выставачную залу мастака: “ Яго карціны –прыклад рэалістычнага мастацтва, з іх паўстае абагульнены вобраз Радзімы”
Творы апошніх гадоў
Мірскі замак. Адраджэнне.
У чаканні свята
Водар Віцебскай раніцы
Ля Троіцкага прадмесця
Першы снег
Зімовая рапсодыя. Над Кавалёўкай.
Напрамак да музея
Вясна
Квецень над Нёманам. Гародня.
Палявыя кветкі
Табарышская лазня
“Убачыць прыгажосць і затрымаць імгненне…”
(роздум пасля экскурсіі)
Сустрэча з мастаком Драбышэўскім на выставе яго твораў у г.Смаргонь адбылася ў вучняў Гудагайскай сярэдняй школы 5 снежня 2015 года. Няма, напэўна, большага задавальнення ў гледача, чым глядзець на карціны мастака яго вачыма. Кожная карціна для яго – любімае дзіця, і аб кожным сваім творы ён ведае ўсё! Гэта вельмі важна, асабліва для вучняў малодшага ўзросту – самых яшчэ недасведчаных наведвальнікаў выставак. А сярод нас былі і тыя, хто нядрэнна рысуе, каго слухаецца пэндзаль ці аловак. Ім было найцікавей слухаць расповяд аўтара аб тым, што кожны раз служыла штуршком для напісання той або іншай карціны.
На выстаўцы прадстаўлена 40 карцін, напісаных у розны час. Сярод іх была і тая, якую мы з захапленнем разглядалі ўпершыню, - “ Зямля цудоўная гудаў”(2014 г). Зацікавіліся нашы вучні і “Чубэйкай 50-ых”. Як вядома, гэта карціна ужо бывала ў Гудагаі. Але ж з таго часу вырасла новае пакаленне вучняў, і А.Драбышэўскі з дапамогай сваёй карціны дапамог сёняшнім школьнікам ўявіць атмасферу “старой” Гудагайскай школы, ў якой і ён сам некалі вучыўся.
Аднак выстаўка прысвечана 250-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, і адкрываецца яна нядаўна напісанай карцінай “Паўночныя Афіны”. Расказ аб гісторыі яе напісання цесна пераплятаўся з паведамленнем звестак аб жыцці самаго дзяржаўнага дзеяча і кампазітара Агінскага. Таму, мы ўпэўнены, мастак выканаў яшчэ і больш шырокую, асветніцкую місію.
Амаль 2 гадзіны доўжылася спатканне, але нават самыя маленькія не стаміліся, не гублялі ўвагі. Чаму? Аб гэтым гэтым узнёсла сказаў у вершы паэт з Маладзечна Валерый Мілаш:
Убачыць прыгажосць
І затрымаць імгненне..
У фарбах перадаць
Красу зямлі,
Узрушыць сэрца
Хараством карціны,
Пранікнуць кожнае душы –
І гэта ёсць сапраўднае мастацтва…
Так, для нас сустрэча з мастаком, родам з зямлі гудагайскай, была сустрэчай с сапраўдным мастацтвам.