Мой свядомы выбар |
|
Дарослае жыццё чалавека пачынаецца з самастойнага выбару. З улікам нашых інтарэсаў, жаданняў і, вядома ж, магчымасцяў нараджаецца адзін з галоўных выбараў у нашым жыцці - выбар прафесіі. І мне здаецца, што са сваёй будучай прафесіяй я ўжо вызначылася даўно, як толькі вырашыла навучацца ў педагагічным класе. Праходзяць стагоддзі, многія прафесіі перастаюць быць актуальнымі, іх замяняюць новымі, і толькі педагог застаецца заўсёды. А хто, як не настаўнік, дае нам веды, выхоўвае любоў да навукі, раскрывае ў нас схаваныя здольнасці? Магчыма, менавіта таму я і спынілася на гэтай прафесіі. Гэта мой свядомы выбар. Мне пашанцавала з класным кіраўніком. Гэта настаўнік з вялікай літары. Яна навучыла мяне шмат чаму. Дзякуючы яе падтрымцы я перастала баяцца сцэны, стала экскурсаводам, разам з іншымі настаўнікамі пісала работы на конкурсы і канферэнцыі, дзе заўсёды годна і вынікова выступала. |
|
Яе ўрокі заўсёды былі цікавымі, таму іх ніколі не хацелася прапускаць. Менавіта яна прывіла мне любоў да беларускай мовы, менавіта з ёй я прывозіла прызавыя месцы з алімпіяд. Я думаю, што класны кіраўнік паўплывала на мой выбар. Я хачу, каб у будучыні вучні слухалі мяне гэтак жа, як я разам са сваімі аднакласнікамі слухалі Ірыну Мікалаеўну Жалток. Таму што няма нічога больш важнага ў рабоце педагога, чым вучні, якія цябе не толькі слухаюць, але і чуюць. Арына Лаўрэцкая, студэнтка БДПУ імя М.Танка, выпускніца 2018 года |
Свой лёс адзіна непапраўны Не перапішаш спакваля. Мая прафесія настаўнік – І гэтым ганаруся я. |
|
Даруйце скептыкі і песімісты! Але быць педагогам прэстыжна, модна, перспектыўна. Старонкі гісторыі гартаюцца хутка, змяняючы эканоміку і палітыку, прыносяць дзяржавам то крызісы, то росквіт, але разумнае, добрае, вечнае заўсёды застаецца патрэбным. Скончыўшы ў 90-ыя гады ХХ стагоддзя Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы па спецыяльнасці “настаўнік беларускай мовы і літаратуры”, я атрымала сваю першую профільную педагагічную адукацыю. У 2002 годзе атрымала сумежную спецыяльнасць “настаўнік - дэфектолаг”. Мая педагагічная кар'ера склалася так, што за час сваёй дзейнасці мне давялося працаваць у чатырох установах: Гірская і Гозская базавая школы, СШ №2 г.Астраўца і, нарэшце, Гудагайская сярэдняя школа. Для прафесійнага росту – гэта сапраўдная ўдача. |
|
Мне выдалася магчымасць бачыць формы і метады работы калег у чатырох калектывах, шмат чаму навучыцца ў больш дасведчаных педагогаў. А засваенне ажно чатырох мадэляў арганізацыі дзейнасці ўстановы і кіравання калектывам – гэта сапраўдны падарунак лёсу. На шчасце ці не, але я не адношуся да тых людзей, якія спрабавалі сябе ў розных прафесіях. Школа стала маёй адзінай прафесіяй, якой я застаюся вернай дагэтуль. Мой вопыт і мае прафесійныя дасягненні ў сферы педагагічнай дзейнасці былі адзначаны граматамі раённага аддзела адукацыі, Ганаровай граматай упраўлення адукацыі. Аднак, вышэйшай адзнакай майго прафесіяналізму і дзелавых якасцяў, я лічу давер мне самастойнага кіраўніцтва шэрагу напрамкаў дзейнасці установы адукацыі ў якасці намесніка дырэктара. Мне давялося актыўна далучыцца да вывучэння інавацыйных напрамкаў арганізацыі дзейнасці сучаснай школы, прыняць непасрэдны ўдзел у навукова-практычнай дзейнасці, як педагагічнай, так і ўпраўленчай. Удзел у дадзеных мерапрыемствах дае штуршок асобаснаму росту, развівае лідарскія якасці, садзейнічае напрацоўцы сувязяў у прафесійным асяроддзі. Несумненна, спецыяліст, які вядзе актыўную “знешнюю” прафесійную дзейнасць і якога ведаюць па шматлікіх выступленнях, звычайна высока цэніцца работадаўцам. Скажу: не варта наракаць, На тое, што працуеш у школе. Настаўнік – гэта лад жыцця. І лепшай мне не трэба долі. Жанна Леанардаўна Янцэвіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце |
|