Яна Алёкса-перможца рэспубліканскага конкурсу. Віншуем!
Пераможцай рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу літаратурных работ «Зямля пад белымі крыламі», які прысвячаўся 90-гадоваму юбілею Уладзіміра Караткевіча, стала Яна Алёкса, вучаніца 11 класа.
1 месца ў раённым этапе, 1 месца ў абласным этапе конкурсу, і нарэшце прыемная навіна - 3 месца ў рэспубліканскім этапе інтэрнэт-конкурсу літаратурных работ "Зямля пад белымі крыламі" у намінацыі "Лепшы празаічны твор". Таксама Яна атрымала сертыфікат на публікацыю сваёй работы ў газеце "Переходный возраст". Ідэйным натхняльнікам і кансультантам Яны была настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Мікалаеўна Жалток. Так што гэта і яе заслужаная перамога. Віншуем!
Сябры праз гады
Ведаеце, калі табе ў 7 гадоў нейкі стары дзядзька расказвае пра нейкага Караткевіча, то ты толькі ўсміхаешся і робіш выгляд, што табе цікава. А цяпер, калі табе 17 гадоў, сорамна не адказаць на пытанне: «Хто такі Уладзімір Караткевіч?» Бо гэты своеасаблівы, рамантычны пісьменік захопіць цябе ў палон, калі прачытаеш хоць адзін яго твор.
Пра знакамітага беларускага пісьменніка можна гаварыць доўга і безупынна: пра яго асабістае жыццё і творчы шлях, дасягненні ў беларускай літаратуры, жыццёвыя погляды. Але мне хочацца закрануць асабістую старонку яго жыцця: сяброўства з беларускім пісьменнікам і прафесарам Адамам Восіпавічам Мальдзісам. Дарэчы, я пляменніца апошняга і вельмі часта бываю ў яго ў гасцях у Мінску, а з Уладзімірам Караткевічам пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве са слоў Адама Восіпавіча, які з вялікім натхненнем расказваў раней і расказвае зараз пра свайго слаўнага сябра Валодзю ды пра іх прыгоды. Вось і цяпер я са сваім дзядулем у вагоне цягніка «Гудагай - Мінск» у чаканні новай сустрэчы і цікавых гісторый пра сяброўства і не толькі…
Гэты тандэм вядомы кожнаму беларусу, але запомніўся ён сваім гумарам. Нават калі мы пачалі размову з Адамам Восіпавічам пра Караткевіча, на твары была ўсмешка. З вялікім задавальненнем ён расказваў пра іх «дзіцячыя гульні».
– Адам Восіпавіч, ці хацелі б вы вярнуць тыя часы, калі Уладзімір Караткевіч быў жывы? – спытала я ў прафесара. Той задумаўся і адвёў вочы ўбок.
– Ведаеш, прайшло ўжо больш за 30 гадоў з дня яго смерці, але ж той «гультай» быў як член нашай невялікай сям’і, а мне, увогуле, як родны брат, – адказаў Адам Восіпавіч. – Вось ёсць чалавек. Ён дорыць цеплыню, уносіць у жыццё свае правілы і жыве па іх. І вось няма чалавека. І цяпла няма, і ўсмешак няма, і няма тых жартаў.
Адам Восіпавіч змоўк. Паміж намі павісла цішыня. Напэўна, такія ўспаміны даюцца цяжка 87-гадоваму прафесару. У іх ён яшчэ малады і поўны сіл, а Караткевіч-такі ж самы «гультаюга».
Моўчкі мы прасядзелі хвіліны тры. Потым ён зноў загаварыў:
– Такога аўтара, як ён, трэба пашукаць і то, гэта дарэмная трата часу, бо такіх, як ён, болей няма, – пачаў прафесар. – Праўда, і цяпер ёсць аўтары, якія таксама заслугоўваюць славы і павагі. Але Валодзя меў своесаблівую любоў да беларускай літаратуры.
Сапраўды, такога аўтара ў беларускай літаратуры больш не будзе. Са слоў Адама Восіпавіча, шукаць, безумоўна, дарэмна. Але я і сама гэта ведаю. Часам здаецца, што ён адзіны пісьменнік, якому былі падуладныя ўсе жанры літаратуры: ад апавяданняў да раманаў і дэтэктываў. Напэўна, і не здаецца, а так яно і ёсць…
Адам Восіпавіч вельмі многа цёплых слоў адрасаваў свайму сябру Уладзіміру, нават называў яго «дзіця са стажам», бо калі ён быў у гасцях, то нават паветра ў кватэры напаўнялася смехам і жартамі. Але так часта, як бы ім не хацелася, збірацца не ўдавалася. Праца, праца і праца была на першым месцы.
Неяк я прачытала цікавую звестку з сяброўства Мальдзіса і Караткевіча пра нейкі «Журнал інвентарнага ўліку» і ўсё хацела спытаць прафесара, што гэта за журнал. На твары Адама Восіпавіча расцвіла ўсмешка, што прымусіла і нас усміхнуцца. Аказваецца, Караткевіч перакрэсліў гэту назву і напісаў сваёй рукой «Iнвентарная кнiга выпiтага». Казаў, што калі госці будуць прыходзіць – хай распісваюцца, малюнкі пакідаюць на памяць. Зараз гэты «шэдэўр» знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным архіве музея літаратуры і мастацтва.
У той дзень мы яшчэ доўга размаўлялі пра Караткевіча і не толькі. Закранулі тэмы сучаснай літаратуры, творчасць сучасных аўтараў. А затым наступіла нейкая паўза ў размове. Мальдзіс, памаўчаўшы, сказаў, што Уладзімір Караткевіч пакінуў вялікі адбітак у беларускай літаратуры. На жаль, лепшыя пакідаюць свет вельмі рана. А калі б Уладзімір жыў у наш час, то застаўся б такой жа птушкай з белымі крыламі, якая планіруе і планіруе па прасторах Беларусі і далёка за яе межамі.
Яна АЛЁКСА, Гудагайская сярэдняя школа